Вершы пра грошы
Ёсць цяпер усё наўкола...
Ёсць цяпер усё наўкола:
Ёсць бананы, пепсі-кола,
Толькі ў гэты час харошы
Бог забыўся даць мне грошы.
Янусь Малец
Паэты сёння не ў пашане...
Паэты сёння не ў пашане.
Іх творы лепшыя не ў модзе.
На жаль, у нас, куды ні глянеш,
Адныя грошы верхаводзяць.
Хто мае розум – багацее,
Бо копіць еўры і даляры.
А вершаплёт – што ён умее?
Адныя “бары-растабары”.
Натхнення ветрык завітае
Да творцы некалі знянацку –
І ён, бы дзіцятка, гуляе
У свае вершы, як у цацкі.
Яго сусед – жыцця аматар –
Сябры, жанчыны, гулі, п’янкі…
А небарака-літаратар
Смакуе толькі вершаванкі.
Хавае ў стол свае багацце –
А мо калісьці надрукуе…
А мо якісьці абывацель
Шчэ й заплаціць за якую…
Ну, ці не дурань? Па-любому,
Дыялог
– Набраўся зноў, як жаба мулу,
Ну, пакажы, ці што прынёс.
Сам пагуляў, а жонцы – дулю?
Каб чорт цябе да ранку трос!
Сусед і вып'е, і цукерак
Заўсёды прынясе дамоў.
У цябе ад іх няма й паперак.
Усе цягнеш да сваіх сяброў.
Наш кот і той раз у тыдзень,
Як зловіць мыш, дык мне нясе.
Ну, прызнавайся, стары злыдзень,
Зноў грошы "прасадзіў " усе?!
Чаго маўчыш? Скажы хоць слова,
Бо не ўтрымаюся – заб'ю!
Няўжо прапіў ты нават мову?
– Ну, дзе табе я мыш злаўлю?..
Аляксей Галаскок
Я маю – ты ведаеш! – грошай...
Я маю – ты ведаеш! – грошай
На дзень, а магчыма, на два.
Насніла б ты ноччу мне вошай,
Дурная мая галава!
Няхай бы злавіў многа рыбы,
З паўсотні якой шчупакоў.
О ты, без кароны і німба!
Насні на багацце мне сноў!
Янусь Малец