Паэты сёння не ў пашане...
Паэты сёння не ў пашане.
Іх творы лепшыя не ў модзе.
На жаль, у нас, куды ні глянеш,
Адныя грошы верхаводзяць.
Хто мае розум – багацее,
Бо копіць еўры і даляры.
А вершаплёт – што ён умее?
Адныя “бары-растабары”.
Натхнення ветрык завітае
Да творцы некалі знянацку –
І ён, бы дзіцятка, гуляе
У свае вершы, як у цацкі.
Яго сусед – жыцця аматар –
Сябры, жанчыны, гулі, п’янкі…
А небарака-літаратар
Смакуе толькі вершаванкі.
Хавае ў стол свае багацце –
А мо калісьці надрукуе…
А мо якісьці абывацель
Шчэ й заплаціць за якую…
Ну, ці не дурань? Па-любому,
Уся гэта лірыка – бы смецце…
Бо непатрэбная нікому…
Бо ні знасіць яе, ні з’есьці…
Таццяна Дзям'янава
- Войдите на сайт для отправки комментариев