Барацінкі

Згодна з праектам італьянца Ціта Лівія Бараціні, планавалася выбіць медзяных шэлегаў на 1 мільён залатовак для ВКЛ і на гэтулькі ж — для Польшчы. Непаўнавартасныя шэлегі меліся быць выпушчаныя ў абарачэнне па прымусовым курсе ў 1/3 срэбнага гроша пры рэальным кошце ў 1/20. У рэшце рэшт, манетны двор у Берасці не адчынілі, а пастанавілі перанесці эмісіі далей ад непрыяцеля ў глыб Польшчы, у правінцыйны Уяздаў, дзе з таго ж года пачаліся эмісіі каронных шэлегаў, а налета — і літоўскіх. Гэта быў першы выпадак, калі эмісіі манет Вялікага княства былі вынесеныя за межы гаспадарства. Гэты факт, як і шмат іншых, усё больш і больш выразна праяўляў павевы страты беларускай дзяржавай свайго адметнага аблічча і самастойнасці ў прыняцці рашэнняў.

Віненская барацінка

Дзейнасць Бараціні падрабязна і добра апісаная ў Рабцэвічавай «Нумізматыцы Беларусі». Гэта быў выбітны навукоўца і заможны чалавек, які жыў у Польшчы з 1641 года. Ягоныя зацікаўленні ахоплівалі вялікую колькасць тэхнічных навуковых дысцыплін, у некаторых з якіх Бараціні дасягнуў значных поспехаў. He гэтак удалымі былі пачынанні італьянца ў навуцы эканамічнай. Ён пачаў арандаваць манетны двор у Кракаве яшчэ ў 1658 годзе, а ў наступным годзе высунуў вышэйзгаданы план выбіцця медзяных шэлегаў, якія неўзабаве атрымалі мянушку «баратынчыкі» (пазней у навуцы зацвердзіўся варыянт «барацінкі»). За няўдалую спробу аздараўлення фінансаў Рэчы Паспалітае Ціта Лівія неаднойчы намагаліся прыцягнуць да адказнасці, але кожнага разу яму ўдавалася выслізнуць, абгрунтоўваючы адпаведнасць сваёй дзейнасці пастанаўленням сойма. Гэткім парадкам Бараціні працягваў займацца арандаваннем манетных двароў краіны яшчэ два дзесяцігоддзі і нечувана павялічыў сваё багацце за кошт недалужных палякаў і ліцвінаў.

Медзяны барацінчык не быў першай спробай увядзення крэдытных грошай у Вялікім княстве. Так, памятнай была кампанія Жыгімонта Аўгуста з контрамаркаванымі талерамі. He быў ён і наогул першай медзяной манетай эмісій Рэчы Паспалітае. У 1650 годзе былі выбітыя буйныя медзяныя шэлегі для Польшчы. Але апошні Ягайлавіч, відаць па ўсім, выканаў свае абяцанкі па выкупе талераў, а польскія манеты мелі такі мізэрны наклад, што іх знаходкі на тэрыторыі Беларусі, ані нават Украіны, якая з часоў сумнавядомае Люблінскае уніі належала да Кароны, невядомыя. Незлічоныя ж плыні медзяных барацінак адчынілі скрыню Пандоры, літаральна патапіўшы фінансавы карабель дзяржавы.

Зараз на сайце

Зараз на сайце 0 наведвальнікаў.

Лічыльнікі

Rating All.BY

Статыстыка

-