Час паўгроша

Апроч класічнага бакавога сустракаюцца і іншыя віды неадбіткаў. Да прыкладу, існуюць манеты, неадбітыя па дыяметры. Яны ўтвараліся на манетным кружку, які быў нязначна выгнуты пад прабойнікам. Падчас прэгавання кружок раўняўся, але штэмпель прыкладаўся да розных бакоў манеты нераўнамерна. Больш-менш рэгулярна трапляюцца паўгрошы з гэткай хібай сярод тых, што выйшлі з Віленскага манетнага двара ў 1520-ых гадах. Пазней гэтая праблема была выпраўлена і больш не ўзнікала.

Паўгрош 1566 года з гербам “Ястрабец”

Наступная, вельмі пашыраная загана прэгавання, звязаная з няпоўным адбіццём выявы, — біццё зношанымі і пашкоджанымі штэмпелямі. Вылучна распаўсюджаная ў часы Аляксандра, яна відаць і на даволі значнай частцы манет Жыгімонта Старога. Толькі ў часы Жыгімонта Аўгуста да стану штэмпеляў сталі адносіцца больш адказна. Так, знакаміты польскі сістэматызатар нумізматычнага матэрыялу Эдмунд Капіцкі ўлучыў у свой грунтоўны каталог падобную варыяцыю паўгроша Аляксандра. Ён нібыта не мае абводкі паміж «Пагоняй» і легендай на аверсе. Памылка пазней перайшла з ягонае кнігі ў некаторыя іншыя. Аднак манет, якія наўмысна выпускалі без абводкі, не было. Дробныя пазы «перлінавае» абводкі на штэмпелях забіваліся брудам і металам і ўжо не выконвалі свайго прызначэння. Існуе шмат варыяцый паўгрошаў Аляксандра, дзе відаць толькі частка абводкі, альбо, напрыклад, твар вершніка ці нага каня маюць зусім няпэўныя відарысы. Усе гэтыя заганы абумоўленыя зношанасцю штэмпеля.

Працоўныя штэмпелі звычайна выраблялі шляхам адціску з пазітыўнае выявы матрыцы, якія, у сваю чаргу, адціскаліся з узорных штэмпеляў. Апошнія выконваліся толькі галоўнымі майстрамі манетнага двара, у той час як працоўныя штэмпелі мог вырабляць вучань. Для гэтага выкарыстоўвалі пунсоны з выявамі асобных, часта сустраканых элементаў малюнка манеты. З дапамогай пунсонаў на штэмпель наносіліся літары, лічбы, знакі, абводкі, дзяржаўныя гербы. Пасля гэтага майстру заставалася толькі падправіць драбніцы — і штэмпель быў гатовы да ўжытку. Пунсоны былі прыватнай уласнасцю манетнага майстра — разьбяра штэмпеляў.

Выкананне штэмпеляў было складанай тэхналагічнай аперацыяй. Ніжні штэмпель, пры добрым уменні малатабойцы, мог ставаць на выбіццё прыкладна 10—15 тысяч манет, а верхні — дзесьці на ўдвая менш, таму апошнія прыходзілася часцей мяняць. Трываласць штэмпеляў залежала ад мноства чыннікаў — якасці жалеза, ступені загартоўкі, таўшчыні кружка, умеласці майстра. Адно няўдалае адбіццё (напрыклад, моцна нецэнтрычнае) магло знішчыць штэмпель.

Зараз на сайце

Зараз на сайце 0 наведвальнікаў.

Лічыльнікі

Rating All.BY

Статыстыка

-