Час паўгроша

У Польшчы скарбы пачатку XVI стагоддзя, што месцяць паўгрошы, складаюць сціплую частку з памежных з ВКЛ тэрыторыяў — у вузкім поясе ад Падолля да Мазовіі. Гэта было выклікана тым, што Вялікае княства працягвала карыстацца сваёй старажытнай дзесяцічнай грашовай сістэмай, адрознай ад польскай нагэтулькі, што ўзаемнае пранікненне манет не стала значным нават пры вялікай ступені палітычнай інтэграцыі. У ніклай колькасці сустракаюцца паўгрошы ў скарбах сучасных Латвіі і Эстоніі. З-за метралагічнае несумяшчальнасці, натуральна, не былі яны шырока распаўсюджаныя і ў Маскоўскай дзяржаве. Трапілі паўгрошы і ў «далёкае» замежжа, а менавіта ў Сяміграддзе, Славаччыну, Малдову, але ўжо ў канцы XVI стагоддзя, калі з абраннем на велікакняскі пасад Стафана Баторыя пашырыўся адток добрай літоўскай і польскай манеты ў тыя землі.

Рынак хутка прывык да паўгрошаў, бо яны не мянялі даўняй вялікалітоўскай сістэмы разлікаў. Цяжэй было адвыкаць. Амаль стагоддзе пасля таго, як сама сістэма была скасаваная, а значыцца, паўгрошы ВКЛ сталіся «не свабодна канвертаванымі», яны сустракаюцца ў скарбах, часам у вялікіх колькасцях.

Паўгрошы былі асноўным, але не адзіным складнікам монаметалічнай грашовай сістэмы ВКЛ. Яшчэ з часоў Ягайлы эмітаваліся літоўскія пенязі. Пенязі Аляксандра выглядалі зусім па-іншаму, замест колішняга надпісу па-беларуску адзіным элементам легенды яны мелі ініцыял князя — літару «А». Шматгадовымі эмісіямі пенязяў адзначыўся і Жыгімонт Аўгуст.

Яшчэ ў пачатку XVI стагоддзя панятак лічэбнага літоўскага гроша, на той час не існага ў якасці рэальнай манеты, увайшоў у шырокі ўжытак. Іншымі элементамі сістэмы, што таксама існавалі толькі ў лічэбным выглядзе, былі копы (60 грошаў) і рублі (100 грошаў, адпаведна са старадаўняй дзесяцічнай сістэмай). Лік на грошы літоўскія, ці шырокая лічба, згортваўся ў копы, радзей у рублі, хоць на той час рэальныя рублі ўжо не курсавалі. Гэтак, у лісце 1527 года з Літоўскае метрыкі сцвярджаецца, што шляхціц Іван Глябовіч купіў сабе землі за «осмь рублевъ грошеи широкое личбы». Гэткае найменне літоўскага гроша прадвызначылася ягоным курсам, большым на два пенязі ў параўнанні з грошам польскім. У першай палове XVI стагоддзя апошнім у разліках на Беларусі амаль не карысталіся, але калі даходзіла да яго ўжытку, яго інакш менавалі вузкім.

Грош 1535 года. Лістападаўская эмісія

Зараз на сайце

Зараз на сайце 3 гостя.

Лічыльнікі

Rating All.BY

Статыстыка

-