Першыя беларускія рублі

Пенязі «Калюмны» /Наверша дзіды з крыжам сталі першай насамрэч масавай агульнадзяржаўнай манетай ВКЛ. Арэал знаходак гэтых манет ахапляе амаль усе велізарныя абшары краіны, а месцы найбольшай канцэнтрацыі пенязяў — гэта перадусім Валынь і Віленшчына. Разам з пенязямі Вітаўта ў абсалютнай бальшыні скарбаў меліся і пражскія грошы ў значнай колькасці.

Наступную вялікую групу велікакняскіх манет Вітаўта складаюць пенязі тыпу «Калюмны» / «Пагоня». Але гэтым манетам папярэднічала яшчэ і лакальная серыя пенязяў, выбітая ў Смаленску.

Пасля авалодання велікакняскім пасадам адной з асноўных задач Вітаўта стала цэнтралізацыя ўлады. Некаторыя князі (між імі ўплывовыя Уладзімір Кіеўскі, Дзмітрый-Карыбут, Тодар Карыятавіч, Юрый Святаславіч Смаленскі) непрадбачліва адмовіліся прысягнуць Вітаўту. Да 1395 года Вітаўт здолеў скарыць непакорных васалаў. Апошнім быў скораны Смаленск. Вітаўт пасадзіў там сваіх намеснікаў, да часоў князявання каторых можна аднесці пачатак манетнай справы ў Смаленску (1396—1399). Першыя смаленскія пенязі былі выкананыя на вельмі высокім мастацкім узроўні. На адным баку месцілася выява «Калюмнаў» — герба Вітаўта, на другім — два барсы, павернутыя ўправа (большы і меншы), над імі — лілея. Поруч з барсамі на смаленскіх манетах вядомы таксама матыў ільва на задніх лапах, павернутага ўлева. Гэта вядомы зямельны герб Смаленшчыны.

Пенязь «Калюмны»/ «Пагоня», група 1

У 1401 годзе былы смаленскі князь Юрый Святаславіч ізноў авалодаў горадам. Ён працягнуў біццё манеты, карыстаючыся паслугамі таго самага манетнага майстра. На яго манеце выяўленая кірылічная літара Ю і ўсё той жа смаленскі леў.

Пенязь «Калюмны»/«Пагоня», група 4

Пасля шматлікіх спробаў вярнуць Смаленск Вітаўт дамогся поспеху ў 1404 годзе і замацаваў яго ў складзе ВКЛ. Смаленскае княства было ператворана ў намесніцтва, якому быў нададзены новы зямельны герб: белы мядзведзь у чырвоным полі. Стары герб княства, што сімвалізаваў яго незалежнасць, — леў — быў скасаваны. Манеты ўсіх вышэйзгаданых тыпаў знаходзяць пераважна на Смаленшчыне, але вядома і адзінкавая знаходка з Кернава на Віленшчыне.

Контрамаркаваная «Калюмнамі» золатаардынская дзенга

Зараз на сайце

Зараз на сайце 0 наведвальнікаў.

Лічыльнікі

Rating All.BY

Статыстыка

-