Першыя беларускія рублі

У Вільні тым часам пачалося выбіццё новага тыпу манет — «Калюмны»/«Пагоня». З'яўленне дзяржаўнага герба ВКЛ на манетах Вітаўта можна звязаць з атрыманнем ім афіцыйнага тытула вялікага князя ў 1401 годзе.

Контрамаркаваны «Калюмнамі» генуэзскі аспр

Для выразання новых штэмпеляў у Вільню былі запрошаныя найлепшыя майстры. Падабенства стылю са смаленскімі пенязямі, а таксама высокая якасць выканання першых манет гэтага тыпу дазваляе меркаваць, што яны былі зробленыя тымі ж манетнымі майстрамі, што працавалі ў Смаленску На адным баку гэтых манет выяўлены «Калюмны», абведзеныя па контуры, а на другім — «Пагоня», павернутая ўправа, вакол яе знакі манетнага майстра: чатырохліснік і трыліснік. Падобна, што на працягу выбіцця гэтых пенязяў Вітаўтам была праведзеная манетная рэформа, звязаная з паніжэннем пробы пенязяў, што кампенсавалася павелічэннем утрымання лігатуры. Гэтыя манеты біліся нядоўгі час. Пазней выбіццё гэтага ж тыпу пенязяў узнавілася, хоць і выглядалі яны ў драбніцах інакш. На новыя манеты «Калюмны»/«Пагоня» былі змешчаныя знакі іншага кшталту, якія знаходзіліся ўжо ўзбоч «Калюмнаў», а не «Пагоні». Дзяржаўны герб Вялікага княства мае так званы «архаічны» выгляд. Ёсць цэлая група падтыпаў, якія розняцца паміж сабой толькі знакамі манетных майстроў. Гэтыя знакі з-за няякасных адбіткаў і нізкага мастацкага ўзроўню выканання штэмпеляў часта прымаюцца за гатычныя літары. Насамрэч дакладна ідэнтыфікуецца толькі літара «К».

З прычыны падабенства ўсіх гэтых знакаў і наогул саміх манет слушнай здаецца выснова, што гэтыя пенязі біліся не надта доўгі час, наўрад ці болей за 10 гадоў. У цэнтры «Калюмнаў» сустракаецца толькі адна гатычная літара 0 плюс невядомы знак Ц. Таму найбольш верагодна, што знак у цэнтры «Калюмнаў» быў знакам (у першым выпадку ініцыялам) дзяржаўцы манетнага двара, а пабочныя знакі выкарыстоўваліся як умоўныя абазначэнні для кантролю за якасцю прадукцыі манетнага двара.

Манеты «Калюмны»/«Пагоня» апошніх падтыпаў знаходзяць у скарбах з заходнееўрапейскімі манетамі, бітымі пераважна ў 1420-ыя гады, і амаль ніколі (за адзіным выняткам) — з папярэднім тыпам «Калюмны» / Наверша дзіды з крыжам, што дазваляе дапусціць пэўны перапынак у грашовай вытворчасці Вялікага княства ў пачатку XV стагоддзя.

Зараз на сайце

Зараз на сайце 0 наведвальнікаў.

Лічыльнікі

Rating All.BY

Статыстыка

-