Развіцце грашовых сістэм

Вялікалітоўскі князь
Любарт Гедзімінавіч, што меў спадчынныя прэтэнзіі на княства, быўшы зяцем
апошняга з двух галіцка-валынскіх князёў — Льва II
Уладзімірскага, зацята абараняўся, але не змог утрымаць усю Галіччыну
пры сабе. У 1352 годзе была падпісана дамова, згодна з якой Львоўская і
Люблінская землі адышлі да Польшчы, а Уладзімірская, Луцкая, Бэлзская, Хелмская
і Берасцейская засталіся за ВКЛ.


Пенязь Ядвігі, г. Познань (каля 1384 года)

У сярэдзіне 1350-ых
Казімір распачаў у Львове эмісію галіцкіх грошыкаў. Паколькі дагэтуль найбольш
пашыранай манетай у Галіцка-Валынскім княстве быў пражскі грош, іхняя стапа
дастасоўвалася да апошняга і грошык адпавядаў роўна палове чэшскай манеты.
I далей грашовая палітыка аўтаноміі
праводзілася гэткім чынам, што стапа львоўскіх манет мянялася адпаведна са
зменамі стапы грошаў. На працягу ўсяго перыяду выбіцця грошыкаў іхні курс не
мяняўся. Гэтыя суадносіны абавязвалі і наступцаў Казіміра, нягледзячы на
палітычныя гульні ў дыпламатычнае перацягванне зямлі паміж Польшчай і Венгрыяй
за часамі Людвіка Венгерскага і ягонага стаўленіка, князя апольскага
Уладзіслава. Як ужо гаварылася ў сувязі з падольскімі эмісіямі Карыятавічаў,
Уладзіслаў біў рускія грошыкі не толькі ў часе свайго намесніцтва на Галіччыне
ў 1372—1378 гадах, але і пазней, у 1385—1386 гадах, калі ён, насуперак волі
Польшчы, паспрабаваў аднавіць там сваю ўладу. Апошнія грошыкі па выгнанні
Уладзіслава выбіў Ягайла ў 1389—1399 гадах. Назва галіцкай манеты «грошык» не
раз сустракаецца ў пісьмовых крыніцах.

Інакш справа была з
другім гатункам львоўскіх манет — меднымі пуламі. Яны не адносіліся да чэшскай,
ані нават польскай грашовых сістэм, якія наогул не ведалі медных манет. Пулы
мелі пераменны курс у адносінах да грошыкаў, бо прывязваліся да традыцыйна
развітага ўсходняга накірунку гандлю Галіцкай зямлі, дзе медзяныя наміналы
эмітаваліся татарамі. Так, ужо ў трэцяй чвэрці XIV
стагоддзя Галіччына мела сваю гнуткую і добра распрацаваную грашовую
сістэму, заснаваную як на «заходніх» манетных гатунках — пражскім грошы і
мясцовым грошыку, так і на «ўсходнім» — медным пуле.

Зараз на сайце

Зараз на сайце 0 наведвальнікаў.

Лічыльнікі

Rating All.BY

Статыстыка

-