Развіцце грашовых сістэм

Іншы даволі рэдкі тып манет Ягайлы — пенязі з ягоным гербам і рыбай, скручанай у кальцо, вакол якой — легенда па-старабеларуску. Сустракаюцца манеты двух падтыпаў: тыя, што маюць абапал тарчы арнамент з кропак, і іншыя — з арнаментам з усходніх «сэрцападобных» пляцёнак. Даволі загадкавая сімволіка рыбы-пярсцёнка. Калі гэта насамрэч рыба, яна можа сімвалізаваць прызнанне Вялікага княства каталіцкай краінай папам Урбанам VI у 1388 годзе.

Найбольш распаўсюджаным сярод усіх тыпаў манет Ягайлы ёсць тып ГербЯгайлы / «Пагоня». Гэтыя манеты біліся на працягу прыкладна 5 гадоў, пачынаючы з 1387—1388 гадоў, і маюць ажно тры перыяды выбіцця, што паддаюцца выдзяленню.

Манеты першага перыяду маюць на адным баку выяву падвойнага крыжа ў трохкутнай тарчы (на гэты раз — зусім класічнай з пункту гледжання заходняй геральдыкі) і легенду +КНЯЗЬ ЯГАІЛО; на другім выяўлены вершнік на кані з дзідай і такая самая легенда. Манеты другога перыяду адрозніваюцца іншым выглядам «Пагоні», блізкім да «класічнага», або «Ягайлава», — вершнік трымае меч перад сабой. У трэці перыяд з'яўляецца «архаічная» «Пагоня», дзе вершнік трымае меч рукой, адведзенай за спіну. Але працягваліся выбівацца і манеты з папярэднімі тыпамі «Пагоні» — з дзідай і мячом перад вершнікам. Праўда, яны трошкі змянілі свой кшталт, што можна патлумачыць прыходам у манетны двор новых майстроў. «Пагоня» трапляецца павернутай у абодва бакі, легенда ледзьве прасочваецца, часта зусім не чытаецца. Манеты трэцяга перыяду складаюць каля 80% ад агульнай колькасці вядомых пенязяў гэтага тыпу.

На працягу 1390—1392 гадоў адбылася рэзкая дэвальвацыя манет Вялікага княства. У тыя гады вялося актыўнае змаганне паміж Ягайлам і Вітаўтам за ўладу ў краіне, што і стала адной з галоўных прычын хуткага псуцця манеты. Асабліва ў час вайны адчуваўся дэфіцыт серабра, выкліканы бракам уласных радовішчаў. Да 1390 года пенязі мелі даволі стабільную вагу і высокую пробу, а затым хутка замясціліся ў абарачэнні менш якаснымі. Ягайла і далей, ужо на польскім каралеўскім пасадзе, не надта прытрымліваўся прынцыпу выбіцця якаснай манеты. Як сведчаць польскія крыніцы, кароль «у справах манетарных кіраваўся вылучна даходам».

Зараз на сайце

Зараз на сайце 0 наведвальнікаў.

Лічыльнікі

Rating All.BY

Статыстыка

-