Развіцце грашовых сістэм

Іншае княства, якое пачало біць сваю манету рана, верагодна яшчэ да Маскоўшчыны, было княства Суздальска-Ніжненаўгародскае. Першыя яго манеты важаць каля 1 грама. У канцы XIV стагоддзя і пачатку наступнага «эмісійная ліхаманка» ахапіла шматлікія самастойныя і ўдзельныя княствы ўсходняй Русі. Дзенгі пачалі вырабляцца ў Цверы, якая таксама паставіла на шырокія рэйкі выпуск пулаў. Медныя манеты выбіваліся таксама і ў іншых гарадах Вялікага княства Цвярскога, напрыклад у Кашыне і Гарадзене. Урэшце распачалі свае эмісіі дзенг і пулаў Наўгародская і Пскоўская рэспублікі. Лічыцца, што выява чалавека на адным з бакоў пскоўскай дзенгі належыць літоўскаму і пскоўскаму князю Даўмонту, сучасніку Міндоўга, пазней кананізаванаму як пскоўскі святы.

Апроч тэхнікі выбіцця і срэбна-меднай біметалічнай сістэмы ад татараў часта пераймаўся і дызайн. Асабліва гэта тычыцца манет Маскоўскага княства. Часта і фактычна да позняга XV стагоддзя некаторыя з іх месцяць арабскія надпісы ці іх імітацыі. У XIV стагоддзі вельмі папулярныя былі татарскія аздобы-пляцёнкі. Разам з тым манетная стапа даволі хутка адасобілася ад татарскай, чаму паспрыялі шматлікія мясцовыя эмісіі і сталае аслабленне татарскага ўплыву. Напачатку існавала некалькі розных грашовых сістэм у асобных рускіх княствах. У другой палове XV стагоддзя засталіся дзве асноўныя — маскоўская і наўгародская, манеты якіх розніліся па вазе прыкладна ўдвая. Замацаваўся прынцып лічэння на рублі, дзе апошні адпавядаў 200 маскоўскім ці 100 наўгародскім дзенгам. Рубель гэтай сістэмы быў не матэрыяльным, а лічэбным паняткам (вага ста наўгародскіх дзенгаў другой паловы XV стагоддзя была нашмат меншай за вагу даўнейшага наўгародскага прутка-рубля).

Такім чынам, грашовыя сістэмы Вялікага княства Літоўскага, асабліва ўсходняй яго часткі, і ўсходнерускіх княстваў мелі напачатку багата супольных рысаў. Далейшае іх развіццё, уплыў мясцовых фактараў і заходнія павевы ў ВКЛ спрычыніліся да істотнага разыходжання шляхоў гэтых сістэм ужо ў канцы XIV стагоддзя.

Зараз на сайце

Зараз на сайце 0 наведвальнікаў.

Лічыльнікі

Rating All.BY

Статыстыка

-