Развіцце грашовых сістэм


Пенязь Уладзіміра Альгердавіча з пляцёнкай, Кіеў (канец 1360-ых

1370-ыя гады)

У 2003 годзе каля
старажытнага гарадзішча Алексін (цяпер Тульшчына, Расія) быў знойдзены скарб
манет XIV стагоддзя, у якім сярод
абсалютнай бальшыні золатаардынскіх дзенгаў і старадубскай манеты князя
Аляксандра была і манета з вершнікам на адным баку і наследаваннем дзензе
Джанібека, якая выбівалася каля 1345—1348 гадоў, — на другім. Вядома яшчэ адна
падобная манета, выбітая той жа парай штэмпеляў. На падставе стылістычных
асаблівасцей манет і даследаванняў кіеўляніна К. Хромава беларускі нумізмат А.
Грамыка зрабіў выснову, што гэта мясцовыя северскія наследаванні пачатку
1350-ых гадоў, адбітыя яшчэ да ўваходжання пераважна беларускай Севершчыны ў
склад ВКЛ у 1362 годзе.


Пенязь Уладзіміра Альгердавіча са знакам
IS, Кіеў (1370-1380-ыя гады)

Сутнасць тэорыі К.
Хромава палягае ў тым, што між выпускам арыгінальных ардынскіх манет, якія
біліся ў непасрэднай блізкасці ад Кіеўскай і Чарнігава-Северскай земляў, і
выпускам наследаванняў не магло прайсці шмат часу, бо ардынскія манеты біліся ў
дастатковай колькасці і даволі хутка замяшчаліся новымі, якія і браліся за
ўзор. Таму час выбіцця наследаванняў мог спазніцца максімум на 2—3 гады адносна
прататыпа. Гэтае меркаванне дапамагло беларускаму даследніку датаваць і
некаторыя іншыя манеты ўдзелаў ВКЛ. Зазначу, што ёсць нямала даследнікаў, якія
не падгрымліваюць гэтага пункту гледжання. Галоўным чынам таму, што вядомы
выключэнні з гэтага правіла, хоць і рэдкія. Яны датуюць гэтую манету пазнейшым
часам.

Куды ж сягаюць
пачаткі манетнай справы Вялікага княства? Эмісіі ўласных манет на тэрыторыі
Кіеўскага княства, падобна, найстаражытнейшыя сярод усіх земляў, што ўваходзілі
ў склад ВКЛ. Яшчэ раней першыя мясцовыя перайманні дзенгаў Джанібека,
эмітаваных у Гюлістане ў 1352—1353 гадах, верагодна, выбіваліся з другой паловы
1350-ых, перад далучэннем Кіеўскага княства да ВКЛ (1362). Асноўныя месцы
знаходак гэтых манет — Кіеўшчына і Сумшчына, але ёсць і знаходка з-пад Гродна ў
цяперашняй Беларусі, вагой 0,53 грама.

Зараз на сайце

Зараз на сайце 0 наведвальнікаў.

Лічыльнікі

Rating All.BY