Развіцце грашовых сістэм

Скарбы з літоўска-ардынскага памежжа, перадусім Северскіх княстваў і Кіеўшчыны, маюць вялізнае значэнне для дакладнага датавання першых манет ВКЛ. Яны часта месцяць манеты Залатой Арды, на якіх пазначаўся год выбіцця, што дазваляе прыкладна датаваць і першыя велікакняскія манеты ВКЛ. Усход ВКЛ у вялікай ступені быў звязаны ў грашовых стасунках з татарамі, шмат у іх пераймаў і вучыўся. Найбольш знакаміты скарб літоўскіх манет з сучаснай украінскай тэрыторыі — Баршчоўскі (Кіеўшчына, адкрыты ў 1947 годзе, захаваны каля 1380 года). Апроч ардынскіх манет у ім было багата кіеўскіх, колькі северскіх і адна велікакняская манета, што месціла надпіс ПЕЧАТЬ па-беларуску з аднаго боку і наверша дзіды з роўнабаковым крыжам — з другога.

Гэты манетны тып, верагодна, быў першым, выбітым у сталічнай Вільні. Ён пачаў эмітавацца ў канцы 1370-ых гадоў, магчыма яшчэ Альгердам. Найбуйнейшы скарб манет гэтага тыпу знойдзены ў 1933 годзе ў ковенскім прадмесці Шанцах. Яго манетную частку складалі 90 грошыкаў тыпу ПЕЧАТЬ / Наверша дзіды з крыжам і чатыры найбольш раннія варыяцыі грошыкаў малдаўскага гаспадара Пятра Мушата, выбітыя паміж 1377 і 1387 гадамі.

Што ж паслужыла штуршком для пачатку эмісій уласнай манеты ў Вільні? Існуе меркаванне, што гэта магло адбыцца не раней за міжнароднае прызнанне ВКЛ хрысціянскай дзяржавай, бо манеты нясуць на сабе сімволіку хрысціянства — крыж. Гэта здарылася 2 снежня 1375 года, калі канстанцінопальскі патрыярх Філафей пасвяціў у мітрапаліта «кіеўскага, рускага і літоўскага» Кіпрыяна, што азначала атрыманне Вялікім княствам статуса праваслаўнай дзяржавы. Узровень рынкавых адносін на той час таксама патрабаваў ад уладара ўвядзення ўласнай дробнай манеты поруч са сродкамі буйнога гандлю — сярэбранымі пруткамі і прывазнымі пражскімі грошамі.

Біццё манет прыпыняецца пасля заходу ўлады Кейстутам і зняволення Ягайлы на пачатку 1381 года. Па аднаўленні сваёй улады праз год Ягайла працягнуў біццё манеты, якая захавала свой ранейшы выгляд, але страціла ў якасці з-за няўстойлівасці «нованароджанай» цэнтралізаванай грашовай сістэмы ВКЛ і жадання эмітэнта даставаць болей прыбытку са сваёй манетнай рэгаліі.

Фактычна першыя велікакняскія манеты адпавядалі па вазе палове пражскага гроша Караля. Некаторыя з іх былі перабітыя з рускіх грошыкаў Людвіка Венгерскага, бітых у Львове па стапе, прывязанай да пражскага гроша, да 1382 года. Аднак са стратай якасці манеты ПЕЧАТЬ / Наверша дзіды з крыжам упалі і ў курсе.

Зараз на сайце

Зараз на сайце 0 наведвальнікаў.

Лічыльнікі

Rating All.BY

Статыстыка

-