Развіцце грашовых сістэм

Тым часам стапу рускіх грошыкаў бралі за ўзор не толькі ў Вільні. Колькі гадоў таму ўкраінскім даследнікам А. Пагарэльцу і Р. Саўваву ўдалося атрыбутаваць вельмі рэдкія манеты, якія маюць легенду, напісаную гатычным шрыфтам: Av: MONETA CONSTATINI , Rv: D H DOMINI DE SMOTRIC, што азначае «манета Канстанціна, князя, дзедзіча і гаспадара Смотрыча». Стала вядома імя эмітэнта, a таксама тытул князя і месца выбіцця — Смотрыч, які ў XIV стагоддзі быў першай сталіцай Падольскага княства. Гэтае княства заснавалі князі Карыятавічы — сыны новагародскага князя Міхаіла-Карыята, якія разам з Альгердам удзельнічалі ў разгроме татар на Сініх Водах у 1362 годзе і атрымалі ў валоданне адваяваную Падольскую зямлю. Сярод Карыятавічаў быў і Канстанцін, які валодаў Падоллем каля 1382—1390 гадоў.

Манеты важаць каля 1 грама і маюць наступны дызайн: з аднаго боку змешчаная выява святога Юрыя Пераможца, які дзідай забівае цмока, — родавы герб Карыятавічаў, з другога — наследаванне гербу венгерскай каралеўскай дынастыі ў выглядзе тарчы. Па сваёй стапе манеты Канстанціна падобныя да львоўскіх (рускіх) грошыкаў, а вонкавым выглядам нагадваюць венгерскія манеты, распаўсюджаныя ў гэтым рэгіёне. Падобны выгляд і метралогію мелі таксама манеты суседняй Малдовы, таму, відавочна, грошык Канстанціна носіць пераймальны характар, але выкананы на высокім еўрапейскім узроўні. Ён меў курс, роўны рускаму грошыку Людвіка Венгерскага, эмітаванаму да 1382 года, які заўсёды быў эквівалентны палове пражскага гроша.

Пасля смерці Людвіка ў 1382 годзе эмісія рускіх грошыкаў спынілася, што выклікала пэўную нястачу гатовай манеты на рынку, у тым ліку і ў суседнім Падоллі, дзе аснову грашовага абарачэння складалі менавіта рускія грошыкі. Брак прывазной манеты вымагаў ад Канстанціна распачаць уласныя эмісіі.

Пасля прыезду ў Галіччыну Уладзіслава Апольскага ў 1385 годзе біццё рускіх паўгрошаў аднавілася, і яны зноў пачалі паступаць на Падолле ў значнай колькасці. У гэтых умовах эмісіі грошыкаў Канстанціна страчвалі эканамічную мэтазгоднасць і, відаць, былі спыненыя.

Грошык львоўскі Казіміра Вялікага

Зараз на сайце

Зараз на сайце 3 гостя.

Лічыльнікі

Rating All.BY

Статыстыка

-