Стагоддзе траякоў
Стагоддзе Рэнесансу дыктавала змены ў грамадскім жыцці, у тым ліку мяняліся і грашовыя сістэмы. Адбываўся павольны пераход ад сярэднявечных сістэм з двума-трыма наміналамі (адным асноўным) да сістэм новага часу з вялікай колькасцю наміналаў.

Траяк торуньскі (1535)
He абышлося і без каталізатара гэтых пераўтварэнняў, які прыйшоў з Захаду. Са станаўленнем моцнай польскай дзяржавы шырокае распаўсюджанне атрымала ідэя аб'яднання грашовых сістэм краін, уцягненых у арбіту палітычнага ўплыву Польшчы, у агульную, заснаваную, вядома, на ўласна польскай. Першая спроба ажыццяўлення гэтых планаў была здзейсненая ў 1508 годзе, калі на Наваградскім сойме абмяркоўваліся варункі новага адкрыцця Віленскага манетнага двара. Тады вярхі Вялікага княства адпрэчылі прапанову палякаў зраўняць курс літоўскіх і польскіх паўгрошаў, што прывяло б да скасавання адметнай манетнай стапы ВКЛ.

Траяк літоўскі (1546)
Болей пашчасціла Польшчы ў перамовах са сваімі леннікамі — Прусамі Каралеўскімі і Княскімі. За некалькі гадоў грашовае абарачэнне гэтых краёў змянілася да непазнавальнасці. Галоўны ўплыў на згаворлівасць прускіх урадаў аказала стварэнне новай, шматнаміналавай грашовай сістэмы ў Польшчы. Яна сапраўды была вельмі прагрэсіўнай і праіснавала з невялічкімі зменамі ажно да часоў Яна Казіміра. Сістэма нараджалася ў дыскусіях слынных тэарэтыкаў манетнае справы — Ёста Людвіка Дэцыя і Міколы Каперніка. Быў прыняты праект першага, бо Дэцый валодаў пэўным досведам у манетнай справе і ўлічваў інтарэс дзяржавы ў эмітаванні грошай. Капернік жа стаяў на пазіцыях беспрыбытковага біцця манеты, пры якім яе намінальная вартасць была большай за фактычную толькі на велічыню выдаткаў на яе выраб.

Траяк літоўскі (1562)