Талеры на Беларусі

Першыя буйныя срэбныя
манеты Вялікага княства талеравае вагі (20—30 грамаў) з'явіліся ў 1564 годзе.
Сваім дызайнам яны не нагадваюць класічныя заходнееўрапейскія талеры, а маюць
досыць арыгінальны вонкавы выгляд. На адным з бакоў выяўлены складовы
шасціпольны герб-тарча, у палях якой змешчаны гербы Польшчы, ВКЛ, Кіеўшчыны,
Жамойці і Валыні, а ў цэнтры — фамільны герб Сфорцаў (маці вялікага князя
Жыгімонта Аўгуста Бона Сфорца тады ўжо не жыла). У свой час знакаміты польскі
даследнік д-р Мар'ян Гумоўскі зацеміў, што на гэтай манеце «герб Вялікага
княства Літоўскага... сканструяваны як анідзе ў іншым месцы». Аднак гэта не
адпавядае рэчаіснасці, бо, па-першае, герб гэты няможна ўважаць за герб ВКЛ, а
хутчэй — за герб уладанняў Жыгімонта Аўгуста, дзе выразна падзяляюцца паняцці
ўласна Літвы (спрошчана — Віленшчыны і усіх сучасных земляў Рэспублікі
Беларусь), рускіх (Кіеўшчына, Валынь) і жамойцкіх уладанняў Жыгімонта. Апошнія
прадстаўленыя на першым талеры Вялікага княства (Польшчы?) як раўнапраўныя,
хоць і меншае значнасці, уладанні караля. Герб гэты змешчаны пад велікакняскай
мітрай. Па-другое, дакладна такі самы герб выступае на залатых фларынах
Вялікага княства пачынаючы з 1545 года. На іх, у адрозненне ад талераў, наўкол
тарчы змешчаны лацінамоўны надпіс, што перакладаецца як «Манета залатая Вялікага
княства Літоўскага». Толькі даўняй традыцыйнасцю гэткай выявы герба на манетах,
прызначаных нават не для абарачэння ў краіне, а для каралеўскага двара, можна
патлумачыць змяшчэнне ў цэнтры тарчы герба памерлае каралевы-маці. На другім
баку пад каронай выяўлена манаграма Жыгімонта Аўгуста. Узбоч яе стаіць дата 1564,
а ў самым нізе — лацінская лічба XXX
.
He абмяркоўваючы
свайго сцверджання, д-р Мар'ян Гумоўскі вызнаў яе за абазначэнне наміналу ў
літоўскіх грошах, абгрунтаваўшы замалое ўтрыманне серабра ў манеце жаданнем
эмітэнта даставаць як мага болей прыбытку. Але, як вядома, для спекуляцый з
прыбыткам лепей за ўсё надаюцца дробныя наміналы, і пажадана новы для краіны
гатунак манеты, тым больш буйны. Гэткую манету проста б не прымалі, калі б
толькі кароль не гарантаваў яе пазнейшы выкуп па прымусовым, гэта значыць
крэдытным, курсе.

Зараз на сайце

Зараз на сайце 0 наведвальнікаў.

Лічыльнікі

Rating All.BY

Статыстыка

-