Талеры на Беларусі

У 1627 годзе сейм
Рэчы Паспалітае цалкам забараніў выбіццё дробнай манеты, што хутка падлягала
псуццю. З манетай талеравай справа палягала інакш. Гэта была міжнародная валюта
для буйных разлікаў, і таму яна не магла псавацца ў значнай меры, інакш гэта
сталася б ганьбай для эмітэнта і манета папросту б не прымалася. У тым жа годзе
ў Быдгашчы распачалося даволі масавае выбіццё талераў і паўталераў для
абарачэння, якое працягнулася да канца жыцця Жыгімонта Вазы і праз усё
панаванне ягонага сына Уладзіслава. Неўзабаве да выпуску талеравае манеты
далучыліся прускія гарады Торунь, Гданьск і Эльблёнг. З перыяду валадарання
Жыгімонта IV вядомы і шэраг
камемаратыўных талераў.

Сярэдзіна
XVII стагоддзя сталася векам росквіту
абарачэння талераў на беларускіх землях, аднак гэта былі не мясцовыя, а
заходнееўрапейскія манеты самых розных краёў. Найбольш распаўсюджанымі былі
бітыя ў аграмадных колькасцях талеры розных правінцый Нідэрландаў — гэтак
званыя крыжовікі (талеры крыжовыя, альбо патагоны) і іх фракцыі — паў- і
чвэрцьпатагоны, ляўкі (талеры з ільвом, альбо лёвэндаальдэры) і паўляўкі,
палашнікі (каралеўскія талеры, альбо рыксдаальдэры) і паўпалашнікі. У
дакументах часта апускаецца дзяржаўная прыналежнасць талера, што выразна
сведчыць пра яго міжнароднае прызнанне як манеты агульнавядомай і стабільнай.

З цягам часу ў
Заходняй Еўропе набывалі папулярнасць розныя фракцыі талераў, напрыклад 2/3
(гульдэн) і 1/3 (паўгульдэн). У XVIII
стагоддзі, што распачалося панаваннем у Рэчы Паспалітай саксонскай
дынастыі і жорсткімі войнамі, шырокі распаўсюд у краіне атрымалі саксонскія і
прускія талеры і іх фракцыі. Апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі,
што правёў грашовую рэформу ў дзяржаве, біў 8-залатоўкавыя, а напрыканцы
валадарання — 6-залатоўкавыя талеры. Гэта былі манеты рознага курсу, прывязаныя
ўжо да польскай залатоўкавай грашовай сістэмы. Яны аб'яднаныя найменнем «талер»
толькі фармальна, дзякуючы кшталту вялікае срэбнае манеты, пік славы якой у
Еўропе прыйшоўся на XVII
стагоддзе.

Зараз на сайце

Зараз на сайце 1 гость.

Лічыльнікі

Rating All.BY

Статыстыка

-